Палацавы комплекс Хмараў у Сёмкаве

Автор: Павел Каралёў, Таццяна Хамянкова
20.03.2023

У другой палове XVIII ст. (1770–80-я гг.) Адам Хмара стварыў шыкоўны каменны палацавы комплекс, які азнаменаваў адыход эпохі барока і пачатак новага стылю – класіцызму. Сёмкаўскі палац – адзін з нямногіх помнікаў сучаснай Беларусі, створаных на аснове сіметрычна-восевай рэгулярнай планіроўкі. Архітэктарам комплексу, хутчэй за ўсё, быў знакаміты італьянскі дойлід Карла Спампані.

Комплекс пабудоў складаўся з цэнтральнага палацу (зараз у стане руін), двух сіметрычных афіцын (флігеляў) па баках (лепш захаваліся), а побач размяшчаўся будынак лядоўні (у стане руіны), дзе зберагаліся харчовыя запасы. Найлепшае ўяўленне пра тое, як гістарычна выглядаў палац можна атрымаць з дапамогай малюнка мастака Юзафа Пешкі, які быў у Сёмкаве ў пачатку ХIХ стагоддзя і замаляваў палац з боку парка:

image1_1295.jpg

Тэрыторыя параднага двара называецца “курданер” (ад франц. cour d’honneur — "двор гонару, парадны двор"). Сам парадны двор меў газон з авалам па цэнтры. Па баках уздоўж агароджы былі пасаджаныя невялікія дрэўцы з акруглай фармаванай каронай (ліпы). Па вуглах афіцын знаходзіліся брамы для выхаду ў парк. Брамы былі ў выглядзе пілонаў, ад іх пачыналася агароджа са штакетніку, якая ішла вакол параднага двара. Цэнтральны ўваход у палац упрыгожвалі калоны порціка, франтон палаца завяршаўся гербамі. Уваход у будынак быў даволі манументальны. Гэта бачна на выяве пачатку ХХ ст.

image2_870.jpg

Унутры памяшканняў планіроўка была анфіладная. У інтэр’еры палаца былі роспісы, значная колькасць ляпніны, прыгожая паркетная падлога. Былі каміны з чорнага і белага мармуру, кафляныя печы на разных драўляных ножках і інш.

Неабходны матэрыял для пабудовы палаца дастаўляўся з розных месцаў: шкло з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла з Заслаўя, кафля выраблялася на месцы. Для накрыцця выкарыстоўвалася дахоўка 34,5х16 см. Вядома, што на будоўлі працавалі майстры са знакамітых Шчорсаў (маёнтак графа Тышкевіча). Вядома, што дэталі архітэктуры, афармленне інтэр’ераў зацвярджаў сам А. Хмара.

Цэнтральную частку палаца займалі парадныя залы. Сярод іншых выдзяляліся: каралеўскі, вялікі (або бальны), салонны (або сталовы) і інш. Каралеўская, найбольш шыкоўная ў аздабленні зала – сцены ў тоне шэрага мармуру, дарагі паркет, белы мармуровы камін – была спецыяльна аформлена для прыёму ў Сёмкаве апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да пакоя асобна далучылі ванную з умацаванымі ў сцены люстрамі. Вялікая, або бальная зала, урачыстасць якой падкрэслівалі змешчаныя на сценах барэльефы на антычныя сюжэты, мела аркестровую галерэю-балкон, за якой знаходзілася хатняя капліца. Тут наладжваліся балі, урачыстыя прыёмы.

image3_895.jpg

Справа ад бальнай залы на першым паверсе была салонная зала (або сталовая) на вялікую колькасць чалавек. Тут былі роспісы на антычныя тэмы. У тым ліку былі і некалькі партрэтаў. Так, напрыклад, тут знаходзіўся партрэт Адама Хмары, яго жонкі Марыянны і інш. Што датычна іншых пакояў палаца, то былі яшчэ кабінет гаспадара, архіў, збраёўня, бібліятэка. У 1923 г. былі агучаны звесткі, што ў бібліятэцы налічвалася 8 тысяч кніг і рукапісаў, многія ўнікальныя рэчы.