На пад’ездзе да сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава з боку вуліц Паркавая алея і Школьная знаходзіцца галоўная ўяздная ліпавая алея, якая вядзе да палаца, таму можна назваць гэту алею “Алея Хмары”. Дрэвам налічваецца больш за 200 гадоў, вышыня іх 26–28 метраў.
Пейзажны парк у Сёмкаве быў закладзены ў XIX стагоддзі. Размешчаны ў прыгожай ландшафтнай зоне, дзе нізіны змяняюцца пагоркамі. Гэты парк яшчэ называюць ландшафтным, ці англійскім.
Мода на пейзажныя паркі ўзнікла ў Англіі, дзе паркі высаджваліся такім чынам, каб найбольш нагадвалі прыроднае асяроддзе, лес.
У адрозненне ад класічных англійскіх паркаў, у Сёмкаве выкарыстана ў якасці асноўнай расліны ліпа. Унікальнасць парку яшчэ ў тым, што ландшафт захаваны з часоў ледавіка!
Дрэвам паркаў больш за 200 год, яны ўжо моцна дуплістыя, а таму прывабныя для дзятлаў, попаўзняў, піскункоў і кажаноў. У сядзібных парках гняздуецца самы вялікі дзяцел – чорны, або жаўна. У яго моцная дзюба, што дазваляе выдзёўбваць вялікае дупло. Кожны год дзятлы дзяўбуць сабе новае дупло, а то і некалькі, што дапамагае займець “добрую бясплатную кватэрку” дробным птушкам.
Маляваў палац з аднаго з пагоркаў пейзажнага парку мастак Юзаф Пешка. На малюнку мы бачым чатыры белыя таполі яшчэ зусім маладымі. Зараз гэта магутныя і вялікія дрэвы, яны былі пасаджаныя для ўмацавання схілу пакручастага пагорка.