У Сёмкаве некалькі прыгожых паркаў. Самым старым з’яўляецца “барочны” XVIII ст., які знаходзіцца за палацам, створаны на ўзор французскага рэгулярнага парку.
Аснову яго складала алея, якая мела незвычайны аптычны эфект. Кампазіцыйнае рашэнне парку за сядзібным домам было заснавана на прынцыпе перспектывы. За кошт сіметрычнай пасадкі ліп адбывалася звужэнне алеі. Чатырохрадная пасадка ліп на другім этапе замянялася ўжо двухраднай пасадкай дрэў. Заключная, трэцяя частка перспектывы на прыпаднятым участку парку завяршалася вузкім прасветам. Агульная працягласць перспектывы складала каля 400 метраў, аднак дзякуючы выкарыстанаму кампазіцыйнаму прыёму здавалася значна большай. Найлепш задуму пасадкі паркаў можна прасачыць на гравюры:
Паркі былі пасаджаныя для адпачынку і натхнення гаспадара сядзібы Адама Хмары. У апісаннях згадвалася, што ён часта шпацыраваў па іх, былі пабудаваныя альтанкі для адпачынку і працы. Менавіта ў альтанках апошні менскі ваявода пісаў свае загады, цыркуляры, кнігу “Запіскі аканома”.
Рэгулярны, так званы французскі парк быў улюбёным месцам адпачынку гасцей сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава. З тыльнага боку палаца ад бальнай залы меўся выхад на тэрасы гэтага парку, адна з якіх была аздоблена фантанам: