Яблыневы сад

Автор: Павел Каралёў, Таццяна Хамянкова
30.11.2022

Упершыню, бадай што, згадку пра яблыневы сад мы сустракаем у паэме пра палац настаўніка паэтыкі менскіх школ Міхала Дудзінскага:

У гэтым па-майстэрску высаджаным гаі
Сапраўдны бачу рай, Адама бачу ў раі.

У той жа паэме аўтар выказвае надзею на тое, што эдэмская гісторыя тут не паўторыцца:

Не будзе наш Адам адсюль ужо прагнаны,
З кабетаю сваёй, падкупленай падманам.
Абранніца яго не стане здраджваць мужу
Ды слухаць нагавор пранырлівага вужа.
Яна вужову хітрасць розумам пазнае
І цнотаю трыумф над ёю атрымае.

Напалеон Орда наведаў сядзібу 9 ліпеня 1876 г., вынікам чаго стаў гэты малюнак. Мастак маляваў палац з боку яблыневага саду, таму на ім мы бачым сядзібу з тыльнай часткі. На пярэднім плане малюнка добра праглядаецца дом садоўніка:

3 cvd2yiyl3tabgtd2c1rtqh2w5ytzoeco.jpg

Яшчэ адным чалавекам, які ўпадабаў сёмкаўскі сад, а таксама сёмкаўскія яблыкі, быў Якуб Колас. Засталіся ўспаміны акадэміка Паўла Рагавога, які ўзгадваў пра першую сустрэчу з Якубам Коласам у Сёмкаве:

“Надзвычай мне запомнілася першая сустрэча і знаёмства з Якубам Коласам, яго жонкай і сынамі, тады яшчэ малымі хлопчыкамі, якіх мы ласкава называлі каласкамі. Пасля першых хвілін сустрэчы Канстанцін Міхайлавіч прынёс з саду яблыкі, за якімі мы і правялі нашу гутарку”.

Калі Якуб Колас прыехаў у Сёмкава, час велічы палаца ўжо прайшоў. Пасля рэвалюцыі 1917 года апошнія ўладальнікі – Хелкоўскія – з’ехалі за мяжу. Палац быў разрабаваны, а потым аддадзены пад вучэбную ферму пры сельскагаспадарчым інстытуце (Мінск).

Захавалася некалькі фотаздымкаў Якуба Коласа ў Сёмкаве. На адным з такіх здымкаў ён сядзіць на прыступках выхаду з былой бальнай залы. Бачым на здымку побач яго сярэдняга сына Юрку (5 год) і подпіс, зроблены рукой Якуба Коласа: “Сёмкава. 1922 г. 5/VII”.

6 e7c4ef453f9ddc4419b0a31db56b7d7d.jpg Якуб Колас сярод супрацоўнікаў фермы Сёмкава і дзяцей, 1922 г.