Для магнацкай, шляхецкай культуры характэрна памяць роду. Шанаванне памяці продкаў раней было надзвычай важным для кожнага адукаванага чалавека. На Беларусі было прынята ведаць радавод да пятага калена.
Пліта памяці бацькоў замоўлена Адамам і Іахімам Хмарамі ў 1804 годзе. Знойдзена на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава падчас раскопак 2012-2013 гг. Помнік такога кшталту з’яўляецца даволі рэдкім на Беларусі (тып “Memoria” помнік”). Дадзеная пліта была прызначана для касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дуброве (каля Вязынкі).
Тэкст на пліце напісаны па-лацінску і па праву можа лічыцца яшчэ адным літаратурным помнікам.
Найлепшаму і Найвялікшаму Богу.
Мінаюць каралеўствы, мяняюцца ўлады,
але ў нябёсах адвечная айчына несмяротных духаў
дзякуючы веры ў Бога застаецца бяспечнаю.
У гэтым помніку – любоў да найдаражэйшых бацькоў,
пашана ўдзячных нашчадкаў да іх
і плынная ды мінучая зменлівасць чалавечага лёсу.
Няхай будзе вядома, што яго са слязамі і з вялікай любоўю, на вечную памяць
сваім умілаваным бацькам
Антонію Хмары, менскаму скарбніку,
найлепшаму бацьку, памерламу 11 мая 1757 г.,
і Кацярыне з Вяжэвіцкіх Хмары,
наймілейшай маці, памерлай 25 жніўня 1765 г.,
пахаваным у старым касцёле дамініканцаў у Ракаве,
ставяць сыны Адам Станіслаў Міхал Хмара,
менскі ваявода, таемны дарадца Расійскай імперыі,
стараста Гіжэнскі, кавалер расійскага ордэна св. Аляксандра Неўскага
і ордэнаў у Польшчы Белага Арла і св. Станіслава,
а таксама Іахім Хмара, войскі Менскага ваяводства,
кавалер ордэна св. Станіслава ў даўняй Польшчы,
пабожна ўшаноўваючы Даўцу ўсіх дароў,
атрыманых імі ад Бога пры ўзвядзенні на трывалым падмурку
новага санктуарыя і храма ў Дуброве.
Гэты камень, смуткуючы, родныя браты, сыны найлепшых бацькоў, паставілі ў 1804 г.
Цяпер ведай і памятай: хто б ты ні быў, прачытай гэта і падумай,
якім пераменам падлягае ўсё ў свеце.
Бо і саміх грамадзянаў, і іх айчыны
захоплівае імклівы вір знікнення.
(пераклад з лацінскай мовы Алеся Жлуткі)