Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Сёмкаўскі дзіцячы дом не паспелі эвакуіраваць. Праз некаторы час сюды прывезлі дзяцей з іншых дзіцячых дамоў: са Ржэва, Вязьмы, Смаленска, Кіева і дзяцей з інтэрнацыянальнага лагера ў Нова-Ельні (дзеці з Аўстрыі, Румыніі). У першыя дні вайны частка дзяцей разбеглася па вёсках. Старэйшых забралі ў войска. Астатнія дзеці разам са сваімі выхавацелямі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Ад недахопу прадуктаў харчавання яны хварэлі, некаторыя нават паміралі. Супрацоўнікі дзіцячага дома былі цесна звязаны з мясцовай партызанскай брыгадай. Вядома, што часам дзеці ўдзельнічалі ў партызанскіх аперацыях. Немцы пад выглядам прышчэпак ад тыфу бралі дзіцячую кроў для пералівання сваім цяжка параненым салдатам. Тых, для каго гэта «працэдура» станавілася смяротнай, спальвалі ў Трасцянцы...
У адну з лютаўскіх начэй 1944 года партызаны брыгады «Штурмавая» вывезлі з Сёмкаўскай школы-інтэрната 274 выхаванцаў.
Гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў кнігах «Аперацыя «Кроў» М. Чаргінца (Мінск, 2014), «Дзеці ліхалецця» В.П. Паўлава (Мінск, 2017), тэленарысе «Хрэснік «Штурмавой» (Мінск, 1969 г.), серыяле «Смерць шпіёнам. Ударная хваля» (Star Media, «Беларусьфільм», 2012 г.). Пра гэтыя падзеі сведчыла і мемарыяльная дошка, адкрытая ў 1974 годзе. Тады і ўзнікла традыцыя штогадовых сустрэч партызанаў і выратаваных дзяцей.
У 2014 годзе аднавілі мемарыяльную дошку. З таго часу кожны год напрыканцы лютага ля помніка праходзіць мітынг-рэквіем. У 2017 годзе зямля адсюль папоўніла нішу храма-помніка ў гонар Усіх Святых, што ў Мінску.
Макет помніка, які, магчыма, будзе устаноўлены на месцы мемарыяльнай дошкі.