Праект «Адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава»

29.06.2022

Інтэрнет-рэсурс semkаvа.planetabelarus.by створаны Рэспубліканскім фондам развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» па ініцыятыве мясцовых жыхароў, якія мараць аб адраджэнні былой велічы палацава-паркавага комплексу. Неабыякавыя сёмкаўцы рэгулярна наводзяць парадак у парку, распрацавалі экалагічныя маршруты, ладзяць экскурсіі. Вядуць пошук сродкаў і зацікаўленых асоб або арганізацый у рэстаўрацыі палаца і стварэнні тут турыстычнага і асветніцкага цэнтра, бо месца мае вялікі патэнцыял.

Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава (вул. Школьная) мае статус помніка 2-й катэгорыі (нацыянальнага значэння) і паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта – Кодэкса аб культуры, павінен ахоўвацца дзяржавай. Тым не менш з 2004 года палац у Сёмкаве застаўся без даху, пачалося імклівае разбурэнне муроў.

З 2012-га па 2014 год на тэрыторыі комплексу дзейнічала арганізацыя «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» і фонд «Сям’я – Яднанне – Айчына». За гэты час былі праведзены працы па кансервацыі палаца, была створана выставачная зала з артэфактамі з сядзібы. Каб паглядзець на сядзібу, французскі і англійскі паркі, сюды пачалі прыязджаць турысты. У Сёмкаве працавалі валанцёры з розных краін, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і інш. На жаль, пасля завяршэння дзейнасці праекта палац зноў застаўся без гаспадара, і па большай частцы – без даху, месца зноў прыйшло ў заняпад.

З 2015-га па 2018 год тэрыторыя сядзібнага комплексу знаходзілася без аховы, таму маёмасць імкліва раскрадалася. З верасня 2018 года нарэшце комплекс ахоўваецца вартаўнікамі. Наймальнік: аддзел ідэалогіі, культуры і моладзевай палітыкі Мінскага райвыканкама. Другая частка сядзібнага комплексу, будынкі якой не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці, даглядае УП «ЖКГ Мінскага раёна». Тэрыторыя ж паркаў засталася без нагляду, прыбіранне смецця ладзіцца намаганнямі валанцёраў.

З 2019 года ў Сёмкаўскай сярэдняй школе дзейнічае краязнаўчы гурток і праходзяць заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага накірунку «Сёмкаўскі край». Вучні розных класаў знаёмяцца з гісторыяй Сёмкава падчас экскурсій па ваколіцах сядзібы. Юныя гуртоўцы асвойваюць прафесію экскурсавода, бяруць удзел у валанцёрскім навядзенні парадку, здымках відэа для ютуб-канала «Сёмкаўскі край», шматлікіх краязнаўчых конкурсах.

Супольнасцю неабыякавых экскурсаводаў, краязнаўцаў, валанцёраў была распрацавана канцэпцыя фестываля «Х_мара». На жаль, з-за эпідэміі каронавіруса фестываль не адбыўся.

З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы захавання палацавага комплексу і паркаў Сёмкава з вясны па восень 2020 года праведзены шэраг гістарычных, арніталагічных, батанічных экскурсій. Дзякуючы экскурсіям значна папоўніліся шэрагі мясцовай супольнасці валанцёраў. Пасля экскурсій пачалі адбывацца штотыднёвыя прыборкі тэрыторыі і сходы. Цягам 2020–2021 гадоў на аграсядзібе «Даліна Утульнасці» высілкамі валанцёраў праведзены цыкл культурна-асветніцкіх, экалагічных і іншых мерапрыемстваў, што адпавядае канцэпцыі фестываля «Х_мара».

8 чэрвеня 2021 года ў аграгарадку Сёмкава створаны Сёмкаўскі філіял Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў». Пачаўся новы этап рэалізацыі праекта «Адраджэнне. Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава».

Мэты і задачы:

  • кансервацыя і паступовае адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава да стану, максімальна набліжанага да часу жыцця і працы Адама Хмары;
  • аднаўленне працы музея сядзібна-паркавага комплексу, культурна-асветніцкай дзейнасці пры музеі;
  • правядзенне раскопак на тэрыторыі сядзібы;
  • пошук і рэалізацыя актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава;
  • стварэнне клубаў, аб’яднанняў, цэнтраў і іншых устаноў, якія будуць гуртаваць мясцовую супольнасць з мэтай адраджэння сядзібна-паркавага комплексу.

Накірункі дзейнасці:

  1. Кансервацыя і адраджэнне.
  2. Музейная і экскурсійная дзейнасць.
  3. Культурна-асветніцкая дзейнасць.
  4. Экалогія і ахова прыроды.
  5. Пошук актуальнага прызначэння.

1. Кансервацыя і адраджэнне:

  • вызначэнне навуковага кіраўніка праектаў кансервацыі і рэстаўрацыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава;
  • адкрыццё рахунку і збор сродкаў на кансервацыю і рэстаўрацыю;
  • кансервацыя пліты 1804 года;
  • кансервацыя будынкаў комплексу;
  • зацвярджэнне актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплексу і рэстаўрацыя адпаведна новаму прызначэнню.

2. Музейная і экскурсійная дзейнасць:

  • рамонт будынка былога ізалятара, стварэнне музейнай экспазіцыі, арганізацыя экскурсій і музейных заняткаў;
  • веламаршруты ў Сёмкава, дапоўненыя мабільным дадаткам і аўдыягідам сумесна з праектам «Менскі велашпацыр»,
  • аўтамаршруты ў Сёмкава, маркіраваныя стэндамі з гістарычнай інфармацыяй сумесна з праектам «Сэнсавыя падарожжы»,
  • арніталагічныя, батанічныя, анімацыйныя/тэатралізаваныя экскурсіі, квэсты;
  • адукацыйныя экскурсіі для дзяцей па Сёмкаве і ваколіцах.

3. Культурна-асветніцкая дзейнасць:

  • стварэнне тэматычнага сайта пра Сёмкава на нацыянальным краязнаўчым партале www.planetabelarus.by, падрыхтоўка матэрыялаў пра гісторыю Сёмкава і людзей, якія тут жылі або наведвалі сядзібна-паркавы комплекс; пераклад матэрыялаў на замежныя мовы;
  • стварэнне папяровага макета палаца ў Сёмкава і царквы/касцёла ў Сёмкавым Гарадку сумесна з праектам BELZAMKI.BY – краіна папяровых замкаў;
  • распрацоўка каляндарыкаў, паштовак і іншай сувенірнай прадукцыі з надпісамі “Сёмкава”, “Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава” сумесна з выдавецтвам «Рыфтур»;
  • мастацкі плэнер сумесна з Саюзам мастакоў Беларусі і навучэнцамі гімназіі № 75 г. Мінска;
  • развіццё краязнаўчага ютуб-канала “Сёмкаўскі край” сумесна з Сёмкаўскай СШ.

4. Экалогія і ахова прыроды:

  • распрацоўка і рэалізацыя канцэпцыі экасцяжыны «Сёмкава» сумесна з сумесна з ТАА “Экаідэя” і праектам “Чалавек і стварэнне”;
  • распрацоўка і рэалізацыя праекта добраўпарадкавання тэрыторыі вакол экасцяжыны “Сёмкава” сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў;
  • арніталагічныя, батанічныя экскурсіі і квэсты;
  • экалагічныя акцыі, семінары, выставы.

5. Пошук актуальнага прызначэння (правядзенне дыскусій “Мара_Х: пошук актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава”):

  • сядзібныя паркі: вяровачны гарадок у парку;
  • палац: музей «Сядзібы Міншчыны ў ХVIII ст.»;
  • левая афіцына (прызначалася для гасцей): кавярня «У Адама»;
  • правая афіцына (прызначалася для прыслугі): міні-гатэль;
  • будынак санаторнай школы:
  • бібліятэка, кніжная і сувенірная крама;
  • дзіцячы адукацыйны цэнтр, кабінеты спецыялістаў;
  • цэнтр вывучэння беларускай мовы і культуры і замежных моў;
  • экскурсійны аддзел;
  • тэатр/кінатэатр/канцэртная зала;
  • трэнажорная зала;
  • майстэрні мастакоў, рамеснікаў і г. д.

Калі жадаеце падрымаць праект “Адраджэнне. Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава”, то вы можаце абраць найбольш зручны для Вас варыянт:

  • Валанцёрства;
  • Партнёрства;
  • Фундатарства.

Падрабязней на сайце фонда “Планета без межаў”

Дзякуем за ахвяраванні на наш праект!

У прызначэнні плацяжа просім абавязкова пазначаць назву нашага праекта і дасылаць копію квітанцыі на электронны адрас: adradzhennesеmkava@gmail.com